Главная
27 кастрычніка на базе Цэнтра дзяцей і моладзі прайшла краязнаўчая канферэнцыя - заключнае мерапрыемства раённага этапу рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем”. Навучэнцы ўстаноў адукацыі выступілі з даследчымі работамі і праектамі ў дзвюх намінацыях: “Герояў памятаем імёны” і “Да подзвігу героя дакраніся”. У журы ўвайшлі прадстаўнікі раённага вучэбна-метадычнага кабінета, Цэнтра дзяцей і моладзі, Бягомльскага музея народнай славы і рэдакцыі раённай газеты “Родныя вытокі”.
Асноўны змест акцыі – даследаванне тэмы подзвігу беларускага народа і захаванне памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Вучні прадставілі даследчыя работы пра гераічныя ўчынкі на ваенным фронце і ў тыле, здзейсненыя землякамі або прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў, якія змагаліся на тэрыторыі Докшыччыны. Канкурсанты не абышліся архіўнымі матэрыяламі, а правялі інтэрв’ю і падрыхтавалі відэаролікі.
Першае месца прысуджана вучням Сітцаўскай СШ Алёне Кучыц і Цімафею Гараніну за даследаванне пра ветэрана Уладзіміра Бурдыку з вёскі Заборцы – кавалера ордэна Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны, былога дырэктара Заборцаўскай школы, чалавека-легенду, як яго назвалі аўтары работы. Дзеці запісалі відэа размовы, прадэманстравалі фотаздымкі, якія пацвярджаюць, што Уладзімір Васільевіч – часты госць у Сітцаўскай школе, удзельнік шматлікіх патрыятычных акцый. Прыемнай была і падача матэрыялу – спакойнай, упэўненай.
Пераможцай стала таксама вучаніца Бягомльскай СШ ім. С.С. Манковіча Анастасія Супрановіч, якая выбрала для даследавання лёс свайго былога суседа – Мікалая Сямёнавіча Селюка, камісара 8-га атрадаў брыгады партызанскай брыгады “Жалязняк”. Анастасія кранальна расказала, як прыйшла да гэтай тэмы і што работа прымусіла яе перажыць розныя пачуцці – ад спачування ваеннаму пакаленню да гонару за доблесць барацьбітоў.
Другое месца падзялілі вучань Крулеўшчынскай СШ ім. І.П. Ціткова Антон Кухта з работай пра салдата, партызана, былога настаўніка школы Віктара Іхвішанку і вучні СШ № 2 г. Докшыцы Сяргей Наумец і Дар’я Хацяновіч з даследаваннем “Франтавыя медсёстры”.
Праект навучэнкі Парплішчанскай СШ Валерыі Залатухі пра работу школы ў рамках патрыятычнай акцыі таксама заняў другое месца.
Работы прызёраў будуць зарэгістраваны на платформе “Патриот.by”. Калі выбар рэспубліканскага журы ўпадзе на даследаванні нашых удзельнікаў, яны выступяць і на заключным этапе акцыі.
Вернуться в раздел Главная